У Курапатах у "Ноч расстраляных паэтаў" згадалі загінулых на пратэстах
У Курапатах прайшла "Ноч расстраляных паэтаў". Увечары ў чацвер там сабраліся тысячы людзей. Сярод іх — легендарная Ніна Багінская. Яны чыталі вершы, згадвалі беларускіх літаратараў, якія былі знішчаны сталінскім рэжымам. Толькі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га былі расстраляны больш за сто беларускіх інтэлігентаў. Гэта жахлівая старонка нашай гісторыі.
Сённяшняе жалобнае мерапрыемства рыхтаваў Зміцер Дашкевіч, але ён зараз за кратамі. Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец распавядала, што яго фармат будзе адрознівацца ад папярэдніх. Вершы расстраляных паэтаў чытаюць не толькі літаратары, але і медыкі, спартсмены, акцёры, прадстаўнікі стачкамаў. Таксама ў спіс расстраляных, які зачытваецца, далучылі тых, хто загінуў на пратэстах. Прагучалі імёны Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава і Мікіты Крыўцова, паведамляе "Новы час".
У Курапатах былі дыпламаты краін ЕС і ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.