У Лідскім раёне хочуць знесці трыўмфальную арку Радзівілаў XVIII стагоддзя

У Лідскім раёне хочуць знесці трыўмфальную арку Радзівілаў XVIII стагоддзя

Каля вёсак Вялікае Сяло і Жырмуны Лідскага раёна пад пагрозай зносу апынулася трыўмфальная арка Радзівілаў, узведзеная ў XVIII стагоддзі, піша сайт 0154.by

Паведамляецца, што ў XVIII стагоддзі Радзівілы меркавалі зрабіць тут сваю рэзідэнцыю і пабудаваць палацавы комплекс. Трыўмфальная арка стала першым збудаваннем. Яна мела нават другі паверх, які разабралі ў савецкі час.

З двух бакоў ад аркі пабудаваныя флігелі — левы і правы. У іх размяшчаліся кухні, пякарні, бібліятэка, аранжарэя, капліца ды многае іншае. Да нашага часу больш-менш захаваўся толькі левы. 

Самі Радзівілы выехалі адсюль у 1939 годзе, калі прыйшлі камуністы. Але звычайныя людзі ў флігелях сяліліся і пасля вайны, таксама тут была школа.

Старшыня Крупаўскага сельсавета Руслан Мельнік кажа, што арка знаходзіцца ў аварыйным стане: "Сітуацыя такая: месяца паўтара таму павалілася частка аркі. На сённяшні дзень гэтае збудаванне ўяўляе пагрозу для жыцця людзей. Рашэнне аб зносе прыняла і камісія па надзвычайных сітуацыях, якая аглядала арку. Ёсць таксама цяжкасці праезду ў гэтым месцы. Цагліны перыядычна падаюць на праезную частку. Да гэтага транспарт праходзіў пад аркай".

Па словах Мельніка, лёс аркі Радзівілаў бліжэйшым часам будзе вырашаць Лідскі райвыканкам.

Дарэчы, ні арка, ні флігелі не ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі