У Літве будзе немагчыма здаць па-руску іспыт на кіраванне аўтамабілем

Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота

Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Са студзеня 2025 года ў Літве адмяняюць іспыты па кіраванні аўтамабілем на рускай мове. Здаць іх можна будзе толькі на літоўскай ці іншых афіцыйных мовах Еўрапейскага саюза. Выключэнне зробяць толькі для грамадзян Украіны, перадае LRT са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў.

Гэтыя змены ўведзеныя загадам міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце. Мэтай такіх новаўвядзенняў называецца падтрымка выкарыстання дзяржаўнай мовы, спрыянне інтэграцыі замежнікаў у грамадскае жыццё і паляпшэнне супрацоўніцтва з іншымі краінамі — чальцамі ЕС.

"Мы прытрымліваемся выразнай і каштоўнаснай пазіцыі: дзяржаўныя паслугі ў Літве не павінны прадастаўляцца на мове краіны-агрэсара. Як краіна ЕС мы забяспечваем доступ да паслуг на ўсіх афіцыйных мовах Саюза. Выключэнне прадугледжана для ўкраінцаў, якія пражываюць у Літве і маюць часовую абарону ЕС", — заявіла міністр.

Паведамляецца, што кандыдаты, якія не валодаюць ніводнай з моваў ЕС, змогуць скарыстацца паслугамі перакладчыка. Для тых, хто пачаў падрыхтоўку да іспыту паводле старых правілах, будзе зроблены пераходны перыяд.

Дарэчы, у 2022 годзе іспыты па тэорыі кіравання аўто па-руску ў Літве здавалі 10 381 раз, а за першыя 11 месяцаў 2023 года — 11 560 разоў. Пераважна па-руску здавалі іспыты замежнікі для катэгорыі В (легкавыя аўтамабілі), С (грузавыя аўтамабілі) і А (матацыклы).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі