У Літве заяўляюць, што Беларусь вядзе "гібрыдную вайну" нелегальнымі мігрантамі
У Літве заяўляюць пра ціск з боку ўладаў Беларусі нелегальнымі мігрантамі. Літоўскі міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ кажа, што працэдура вяртання нелегалаў можа зацягнуцца з-за сітуацыі з каранавірусам. У гэтай справе Літва супрацоўнічае з Еўрапейскім агенцтвам аховы мяжы і берагавой лініі Frontex, супрацоўнікаў якога чакаюць у ліпені. Па словах Білатайтэ, на ахову мяжы з Беларуссю будзе выдзяляцца больш дзяржаўных сродкаў, чакаецца і дапамога ЕС (фінансавая і экспертная).
Міністр заявіла, што пакуль не бачыць неабходнасці аб'яўляць экстрэмальную сітуацыю. "Сітуацыя пад кантролем, мы затрымліваем усіх нелегальных мігрантаў, справы не ідуць так, што наша мяжа дзіравая, — цытуе словы Агне Білатайтэ Delfi. — ...Проста ў нас нестабільны сусед, які выкарыстоўвае, я б сказала, адну з мер гібрыднай вайны, гэта значыць спрабуе ўздзейнічаць на нас праз незаконную, нелегальную міграцыю".
Сёлета літоўцы затрымалі каля беларускай мяжы ў 5 разоў больш нелегалаў, чым за ўвесь 2020 год.
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс кажа ў інтэрв'ю Financial Times, што каля тысячы іракцаў і сірыйцаў у Беларусі чакаюць магчымасці нелегальна перайсці мяжу. Літоўскія СМІ ўсё часцей пішуць пра рэйс Багдад — Мінск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.