У Літве заявілі, што беларускія памежнікі з помсты пашкоджваюць агароджу
Беларускія памежнікі з помсты працягваюць наўмысна пашкоджваюць агароджу на мяжы. З такой заявай выступіў кіраўнік літоўскай Службы аховы дзяржмяжы Рустам Любаеў. Прычым часам робяць гэта дэманстрацыйна ў тых месцах, дзе іх дзеянні фіксуюцца сістэмамі назірання. У большасці ж выпадкаў яны стараюцца не трапляць на камеры відэаназірання, кажа Любаеў. Беларускіх памежнікаў ён называе "шкоднікамі". І прызнае, што злавіць іх на месцы пашкоджання агароджы складана — калі літоўцы прыязджаюць на месца, беларусы ўжо сыходзяць, піша Delfi.
Літоўскі бок скардзіцца на гэтыя выпадкі, але беларускія структуры "на такія дзеянні не рэагуюць". Альбо паступае адказ, што "такі выпадак ўстанавіць не ўдалося".
Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ ўпэўнена, што гібрыдная атака супраць Літвы з боку Беларусі працягваецца. Яна нагадвае, што "фізічны бар'ер стаіць на літоўскай тэрыторыі", таму беларуса, які псуе яго, затрымалі б і ён трапіў бы пад "санкцыі" "за парушэнне дзяржмяжы і за псаванне маёмасці".
Літва летам 2021-га здолела спыніць плынь мігрантаў, якія ішлі з Беларусі пры спрыянні беларускіх памежнікаў (восенню іх у асноўным перанакіравалі ў Польшчу). Літоўцы пачалі будаваць агароджу на мяжы з РБ. З другой паловы ліпеня 2022-га нелегальных мігрантаў, якія ішлі з Беларусі ў Літву, стала прыкметна больш.
Польскі бок сцвярджае, што мігранты разам з беларускімі сілавікамі таксама псуюць агароджу на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.