У Літву прыбылі польскія паліцэйскія для дапамогі ў ахове мяжы з Беларуссю
Кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ вітае польскіх калег / vrm.lrv.lt
У Літву прыбылі больш за 50 польскіх паліцэйскіх. Яны будуць дапамагаць літоўскім памежнікам у ахове мяжы з Беларуссю і прадухіленні незаконнай міграцыі, паведамілі ў МУС Літвы.
Мяркуецца, што гэтыя афіцэры прапрацуюць у Літве месяц, а затым іх заменяць калегі.
"Я не сумняваюся, што разам мы пераадолеем гэты выклік і абаронім Літву і Польшчу ад нападаў, арганізаваных беларускім рэжымам", — сказала міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ, вітаючы калег.
Афіцэры прыбылі ў суправаджэнні міністра ўнутраных спраў Польшчы Марыюша Каміньскага. Ён у сваю чаргу заявіў, што не сумняваецца ў афіцэрах, у тым, што яны будуць прафесійна выконваць свае абавязкі і дапамогуць забяспечыць ахову літоўскай мяжы.
З пачатку года літоўска-беларускую мяжу нелегальна перасеклі 4 146 мігрантаў, нагадалі ў МУС краіны. Праз нелегальную міграцыю Літва вымушаная была абвясціць на мяжы надзвычайную сітуацыю.
Паток мігрантаў прыкметна павялічыўся пасля таго, як у дачыненні да Беларусі ўвялі новы пакет санкцый праз інцыдэнт з самалётам Ryanair. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мяняе падыходы да стрымлівання нелегальнай міграцыі і кантрабанды. Пасля таго як Літва, Польшча і Латвія перасталі прымаць мігрантаў, Лукашэнка распарадзіўся не пускаць іх і назад у Беларусь. Людзі вымушаныя бадзяцца на мяжы паміж дзвюх краін.
У ЕС лічаць, што беларускія ўлады датычныя да арганізацыі крызісу на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.