У Лукашэнкі спыталі, што з Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай

Віктар Бабарыка / @viktarbabarykaofficial
Віктар Бабарыка / @viktarbabarykaofficial

З Віктарам Бабарыкам ўсё "нармальна", сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. Пра лёс палітвязняў учора ішла размова на сустрэчы з замежнымі журналістамі.

"Пытаюся міністра: а што з Віктарам Бабарыкам? "Нармальна, у калоніі. Ці то нешта шые, ці то ў кацельні топіць", цытуе Лукашэнку агенцтва ТАСС. Нагадаем, у канцы красавіка з'явілася інфармацыя аб шпіталізацыі Віктара Бабарыкі ў Наваполацкую бальніцу. Паведамлялася, што ў экс-банкіра былі сляды збіцця. Яго ледзь змаглі пазнаць, так ён змяніўся. Пасля з'яўлення гэтай інфармацыі, некалькі медыкаў бальніцы былі арыштаваныя, а затым звольненыя. З тых часоў ні родныя, ні адвакаты з Бабарыкам не кантактавалі.

На ўчорашняй сустрэчы карэспандэнт ВВС Стыў Розенберг таксама спытаў Лукашэнку пра Марыю Калеснікаву. Ад яе гэтак жа доўгі час няма ніякіх навін. Лукашэнка сказаў, што нічога не ведае пра гэта. Затое ён распавёў, што ведае, адкуль пайшлі чуткі пра смерць Сяргея Ціханоўскага. "Я ведаю, ад каго пайшла гэтая інфармацыя. Не ад яе", сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе Святлану Ціханоўскую. З ягоных слоў, гэтая інфармацыя з'яўляецца наўмысным укідам, "каб тэму перабіць".

Стыў Розенберг таксама спытаў у Лукашэнкі, чаму ў Беларусі так вырасла колькасць палітвязняў. "У апошні раз, калі я браў у вас інтэрв'ю восенню 2021 года, у Беларусі было 873 палітычных зняволеных. Цяпер іх 1500", адзначыў брытанскі журналіст. Лукашэнка адрэагаваў традыцыйна: "У нашым Крымінальным кодэксе няма артыкула аб палітычных злачынствах".

Нагадаем, у нядаўняй справаздачы спедакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марын прагучала, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне катастрафічная і працягвае пагаршацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі