“А ці не памёр ён?" Як мы тыдзень усюды шукалі Віктара Бабарыку
Віктар Бабарыка / babariko.vision
"Чаму нам нічога не кажуць? Можа, Віктар Бабарыка памёр?" Ужо 61 дзень тысячы беларусаў задаюцца адным і тым жа пытаннем: куды падзеўся экс-прэтэндэнт у прэзідэнты пасля таго, як яго павезлі з калоніі ў бальніцу? У штабе палітыка пра гэта нічога не ведаюць, звесткі пра месца знаходжання асуджанага і стан яго здароўя хаваюцца нават ад самых блізкіх сваякоў.
— У розныя месцы перыядычна тэлефануюць і пытаюцца. Нічога талковага, адны адпіскі, — кажуць у штабе.
Паводле закона людзі маюць права ведаць, як сябе адчуваюць іх родныя, нават калі яны зняволеныя. Тым больш — дазнавацца першымі, калі тыя раптам паміраюць.
Ад імя прыватнай асобы журналіст Еўрарадыё цягам тыдня абзвоньвае розныя бальніцы, калонію і іншыя дзяржаўныя ўстановы, дзе тэарэтычна Віктар Дзмітрыевіч мог бы апынуцца. Як мінімум службоўцы гэтых ведамстваў маглі б паўплываць на тое, каб людзям нарэшце сказалі праўду.
“Я думаю, што ў Google шмат будуць пісаць”
Страшнае пытанне пра смерць з надзеяй атрымаць на яго адмоўны адказ я задаю проста ў лоб і пачынаю з работніка калоніі №1 у Наваполацку, дзе палітык адбываў свой тэрмін. Вядома, што тут за зносіны з ім іншых зняволеных штрафавалі і адпраўлялі ў ШІЗА, а палітвязня Ігара Лосіка дык увогуле давялі да спробы самагубства.
— Добры дзень, праўда, што Віктар Бабарыка памёр у вашай калоніі?
— На такія пытанні я не адказваю, прабачце. Усяго добрага.
— Што з ім адбываецца? Чаму няма ніякай інфармацыі? Гэта ж ненармальна, я па-чалавечы пытаюся.
— Я вам па-чалавечы і адказаў: на гэтыя пытанні я не адказваю.
— Вы можаце сказаць: ён у калоніі? Ён жывы ці мёртвы? Хоць бы так?..
— Нават "хоць бы так" я адказаць не магу.
— Чаму? Гэта ж не таямніца — проста сказаць: чалавек памёр ці не.
— Я вам не магу даваць інфармацыю, якая тычыцца асуджаных. Вось у чым рэч.
— Блізкія людзі маюць права ведаць!
— А вы блізкія людзі?
— Так.
— Я зразумеў. Увогуле, на такія пытанні я адказаць не магу.
— Скажыце, а да каго я магу звярнуцца? Хто можа адказаць?
— Я думаю, што ў Google шмат будуць пісаць…
— У сэнсе, "у Google"? У Google ніхто нічога не піша. Я хачу ведаць, хто можа адказаць мне на маё пытанне?
— Дакладна не сюды. Я думаю, ёсць сэнс патэлефанаваць блізкім сваякам. Можа, яны вам раскажуць…
— Дык не ведаюць…
— І блізкія сваякі нічога не ведаюць?
— Не.
— Я зразумеў. Выбачайце, усяго добрага, да пабачэння.
Калі нам нічога не кажуць пра месцазнаходжанне нашых зняволеных сваякоў, мы пачынаем абзвоньваць медыцынскія ўстановы і моргі. Урок, засвоены за апошнія дзесяцігоддзі, прыводзіць мяне ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу, затым — у псіхіятрычную, куды мяне перанакіравалі, затым — у прэзідэнцкую і, нарэшце, у шпіталь КДБ.
“Родным заўсёды павінны паведамляць!”
— Гэта праўда, што ў вашай бальніцы памёр Віктар Бабарыка?
— Не чулі... Ён на кафедры працаваў ці хворы? — удакладняюць у Віцебскай абласной.
— Хворы.
— Мы не ў курсе.
— Можна неяк даведацца? Тэлефануем па тэлефоне, па якім выдаюць інфармацыю пра пацыентаў.
— Дык у сваякоў удакладніце.
— Не ведаюць сваякі…
— Мы не павінны выдаваць такую інфармацыю.
— Чаму?
— Ну нельга. А то ці мала што закране — пойдуць скаргі.
— Родныя не ў курсе, таму і тэлефаную. Праўда, што ён памёр, а калі не, то як сябе адчувае?
— Калі сваякі нічога не кажуць, патэлефануйце ў аддзяленне, у якім ляжыць хворы. Хоць цяпер вось гляджу, што ён у нас наогул не праходзіць. Вось, нават па-беларуску ўвяла ініцыялы.
— А да вас яго прывозілі?
— Адкуль мы ведаем. Калі што, трэба тэлефанаваць ва ўсе бальніцы і ўдакладняць, дзе ён знаходзіцца.
— Ён знаходзіўся ў калоніі і яго адтуль павезлі. Куды — незразумела.
— Можа, на дзявяты кіламетр? Там псіхлячэбніца. Не можа быць, каб родныя не ведалі. Родным заўсёды павінны паведамляць!
Бескарысныя грамадскія арганізацыі
На ўсялякі выпадак некалькі разоў спрабую датэлефанавацца непасрэдна ў КДБ і Адміністрацыю прэзідэнта, але там не адказваюць ні па адным нумары. Цікава, толькі мне так шанцуе ці, можа, нехта перакусіў драты?..
Падобная сітуацыя з прадстаўнікамі розных праўладных арганізацый з Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, якая ў пачатку чэрвеня не выявіла ніякіх парушэнняў у наваполацкай калоніі №1. Шчыра кажучы, наогул незразумела, навошта нам такія грамадскія дзеячы, тэлефоны якіх трэба суткамі шукаць у інтэрнэце. Як і незразумелая дзейнасць Чырвонага Крыжа ў Беларусі, дзе мне паведамляюць, што іх праца — "гэта арганізацыя гуманітарнай падтрымкі", ды і тое, калі ёсць чым дапамагаць.
“Блізкія сваякі з ім вядуць ліставанне”
Ну што ж... тэлефаную ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці.
— Прыязджайце, пішыце заяву... Ды я ўвогуле вартаўнік!
— Вартаўнік?
— Вартаўнік-вахцёр другога разраду!
Суразмоўца дае яшчэ адзін нумар, па якім мне адказваюць хоць бы нешта.
— Ва ўпраўленні юстыцыі сказалі, што менавіта да вас трэба звяртацца па гэтым пытанні.
— Так, ён утрымліваецца ў нашых установах. Але ўсё роўна вы павінны альбо пісьмова звярнуцца, альбо прыйсці на прыём.
— Гэта значыць, ён не памёр?
— Я не ведаю.
— Блізкім людзям нічога не паведамляюць.
— Блізкія сваякі з ім вядуць ліставанне.
— Праўда? І нікому нічога не кажуць?
— Я не ведаю…
На ўсялякі выпадак набіраю тэлефон службы даверу Вярхоўнага суда Беларусі, у якім Віктара Бабарыкі судзілі.
Прайшоўшы шлях, якім даводзіцца ісці многім родным беларускіх палітвязняў, мне хочацца спытаць толькі адно: у якую суму можа быць ацэненая маральная шкода, калі падаць у суд на ўсіх прыкарытных маўчуноў і баязліўцаў?
Але тут ананімныя вусныя звароты разглядаць адмаўляюцца, як і цікавіцца тым, што стала з экс-прэтэндэнтам у прэзідэнты Беларусі, якога менавіта гэты суд адправіў у калонію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.