Шмат смерцяў і катаванні: што дзеецца ў калоніі, дзе трымаюць Віктара Бабарыку
У калоніі, дзе знаходзіцца Бабарыка, усё заточанае пад катаванні / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Наваполацкая калонія (ПК-1) — адно з самых страшных месцаў у Беларусі для адбыцця пакарання, кажуць палітвязні. Адтуль 26 красавіка трапіў у бальніцу Віктар Бабарыка. Паведамлялася, што ён моцна збіты.
Еўрарадыё даведалася ў тых, хто прайшоў праз ПК-1, якім катаванням там падвяргаюць людзей.
“Зайшоў сюды адзін, а выйдзеш з туберкулёзам і гемароем”
Блогер Аляксандр Кабанаў трапіў у Наваполацкую калонію пасля СІЗА і частку тэрміну правёў там. З ПК-1 яго перавялі ў магілёўскую турму ў снежні 2021 года.
— Толькі нас перамясцілі ў Наваполацку ў каранцінную зону, гадзіны праз дзве мяне выклікалі на камандны пункт. Я падумаў, што прыехаў адвакат. Мне сказалі, што будзе вобшук. Вытрыбушылі кішэні, потым паставілі да сцяны і пачалі "расцягваць", біць па нагах. Супрацоўнікі трымалі за рукі, каб я не падаў.
Крычалі. Адзін крычаў: "Мы дзейнічаем у рамках заканадаўства". Другі крычаў: "А ты зразумеў, куды ты трапіў?" Для мяне гэта быў шок. Так нідзе дагэтуль не было.
Неўзабаве Аляксандр трапіў у штрафны ізалятар (ШІЗА). Віктар Бабарыка быў там практычна ўвесь апошні час.
— Умовы там жудасныя. Уяўляю, як там быў Бабарыка. Узімку, вясной — гэта самы цяжкі час, бо ўвесь час адкрываюць вокны, вентыляцыю. Кожную раніцу ў камеру льюць хлорку. Ёсць навіна, што ў яго вадкасць у лёгкіх. Не здзіўлены, бо гэта ўсе там праходзяць. Начальнік лагера так і казаў, што ты зайшоў сюды адзін, а выйдзеш з туберкулёзам, гемароем і чымсьці яшчэ. Медыцына адсутнічае наогул. Ад усяго даюць таблетку амепразолу.
Былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў таксама кажа, што людзей збіваюць таемна і шпіталізуюць толькі ў крайніх выпадках.
— Там ёсць адзін капітан, адзін маёр, і калі я там быў, начальнікам быў Пальчык. Яны ўтрох у асноўным гэтым займаліся.
Наваполацкая калонія — гэта наогул самая сумна знакамітая калонія. Рэжым утрымання там заточаны пад катаванні. Там людзей трымаюць у пастаянным напружанні, страху, аператыўныя работнікі культывуюць стукацтва.
Уся ініцыятыва ішла ад начальніка калоніі Пальчыка, працягвае Вадзім.
— На маю думку, ён проста маньяк, кат, якому падабаецца здзекавацца з людзей. Усе, не толькі зняволеныя, знаходзяцца ў стане стрэсу. Палітвязні — гэта асобная група. Лукашэнка кажа, што ў нас няма палітвязняў. І яны ў сваёй сістэме не могуць напісаць "палітвязень". Іх проста пераводзяць у разрад злосных парушальнікаў і людзей на прафуліку.
"Злосны парушальнік" за любое парушэнне можа трапіць у ШІЗА або памяшканне камернага тыпу. Ліставання і пасылак максімальна пазбаўляюць. Працуюць такія людзі больш за іншых і ў любых умовах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.