Еўрасаюз занепакоены сітуацыяй са здароўем палітвязня Бабарыкі

Віктар Бабарыка / sb.by
Віктар Бабарыка / sb.by

Еўрасаюз занепакоены сітуацыяй са здароўем беларускага палітвязня Віктара Бабарыкі. Днямі з'явілася інфармацыя пра яго шпіталізацыю ў наваполацкую бальніцу "са слядамі збіцця". "Заклікаем улады забяспечыць яго бяспеку і забяспечыць яму неадкладную і адэкватную медыцынскую ацэнку і дапамогу, а таксама даць яму доступ да сваіх адвакатаў і сям'і", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на старонцы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

У ёй адзначаецца, што за амаль тры гады з часу "махлярскіх выбараў жніўня 2020 года" колькасць палітвязняў дасягнула паўтары тысячы чалавек і працягвае расці. "Рэжым Лукашэнкі працягвае затрымліваць і саджаць людзей у жорсткіх умовах, падвяргаючы іх жорсткаму абыходжанню і катаванням, у тым ліку прымушаць публічна раскаяцца", — гаворыцца ў заяве. У ёй згадваецца загінулы за кратамі палітвязень Вітольд Ашурак, змешчаны заклік вывучыць абставіны і прычыны яго смерці.

ЕС патрабуе вызвалення Віктара Бабарыкі і іншых палітвязняў.

Бабарыка адбывае 14-гадовы тэрмін пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. Экс-банкір і апазіцыйны палітык быў асуджаны ў ліпені 2021-га. Суд прызнаў яго вінаватым у "легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" і ў "атрыманні хабару". Сваёй віны Віктар Бабарыка не прызнаў, а выстаўленыя абвінавачванні назваў палітычна матываванымі. Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га.

Днямі з'явілася неафіцыйная інфармацыя пра шпіталізацыю палітвязня ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай бальніцы. Па адной інфармацыі, у лёгкіх у яго выявілі ваду. У Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада. Стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што здарылася з палітвязнем, дагэтуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі