"Здароўе ў яго было нядрэннае" — Іван Краўцоў пра стан Віктара Бабарыкі

Іван Краўцоў / Еўрарадыё

Іван Краўцоў / Еўрарадыё

— Мы яшчэ не ведаем, у якім стане ён знаходзіцца, — кажа Еўрарадыё прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў.

27 красавіка пайшлі чуткі, што Віктар Дзмітрыевіч трапіў у бальніцу, і з раніцы гэтую інфармацыю пацвердзілі лекары. Дзе і ў якім стане палітык цяпер, ніхто не ведае.

— Была публічная інфармацыя, што стан нібыта здавальняючы, — працягвае наш суразмоўца. — Але, як мы разумеем, калі ён трапіў у бальніцу, значыць, з ім здарылася нешта рэальна сур'ёзнае.

Чутак цяпер ходзіць вельмі шмат, у тым ліку і пра тое, што да яго ўжываўся фізічны гвалт, але на гэты момант мы не можам гэта пацвердзіць, бо дагэтуль да яго ніхто не трапіў.

— СМІ пішуць, што быццам бы ў ягоных лёгкіх выявілі ваду...

— Я бачыў гэтую навіну, але, як вы разумееце, не магу сказаць, што гэта праўда. Я не кантактаваў з лекарам, і ў нас няма доступу да гэтай інфармацыі. Я бачу тое, што з'яўляецца ў публічных крыніцах, і гэта нас сапраўды вельмі турбуе.

Мы цяпер прыкладаем усе намаганні, у тым ліку гаворым з замежнымі краінамі наконт таго, што такія сітуацыі недапушчальныя. Асабліва ўлічваючы, што гэта робіцца тэндэнцыяй і вельмі многія палітвязні цяпер цярпяць прэсінг.

— Як Віктар Дзмітрыевіч жыў і адчуваў сябе апошнім часам?

— Наколькі я ведаю, здароўе ў яго было ў цэлым ніштаватае, нядрэннае. Мне здаецца, у зняволенні гэта самае важнае, таму што калі падводзіць здароўе, то робіцца нашмат цяжэй. Ён, вядома, схуднеў — яшчэ больш у параўнанні з тым, якім яго бачылі апошнім разам на судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі