Віктара Бабарыку вывезлі з наваполацкай бальніцы — "Белсат"

Віктар Бабарыка / Reuters
Віктар Бабарыка / Reuters

Віктара Бабарыку вывезлі з наваполацкай бальніцы, паведамляе "Белсат" са спасылкай на свае крыніцы. Раніцай 27 красавіка з хірургічнага аддзялення яго забралі трое супрацоўнікаў калоніі ў форме і некалькі чалавек у цывільным. Дзе цяпер знаходзіцца палітвязень, невядома. 

Пра тое, што Бабарыка быў шпіталізаваны ў ноч за 24 на 25 красавіка, стала вядома позна ўвечары ў сераду. Сцвярджалася, што ён збіты. Пацверджанні пра змяшчэнне Віктара Бабарыкі ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай бальніцы з'явіліся раніцай у чацвер. Стан ацэньваўся як здавальняючы. Па адной інфармацыі, у лёгкіх у яго выявілі ваду. У Бабарыкі стаяла дрэнажная прылада, ён хадзіў сам.

Верагодна, розгалас пра Бабарыку і ўцечкі інфармацыі пра яго стан сталі прычынай пераводу палітвязня з наваполацкай бальніцы. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што з ім здарылася, няма.

Віктар Бабарыка адбывае 14-гадовы тэрмін пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. Экс-банкір і апазіцыйны палітык быў асуджаны ў ліпені 2021-га. Суд прызнаў яго вінаватым у "легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" і ў "атрыманні хабару". Сваёй віны Бабарыка не прызнаў, а выстаўленыя абвінавачванні назваў палітычна матываванымі. Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі