У калоніі "Віцьба" вязні шылі вайсковую форму для расіян
Папраўчая калонія "Віцьба" / viciebsk.cc
У папраўчай калоніі №3 "Віцьба" вязні шылі вайсковую форму для расіян. Пра гэта праваабаронцам расказаў былы палітвязень, які выйшаў на волю.
"На "швейцы“ нічога не плацяць. Зняволеныя працуюць у дзве змены. Першая змена — з 8:30 да 17:00 шэсць дзён на тыдзень, другая — з 17-й да 22-й гадзіны пяць дзён на тыдзень. Апошнім часам там шылі ў вялікіх абʼёмах вайсковую форму для расіян", — кажа мужчына.
Таксама ў калоніі вязні працуюць на дрэаапрацоўцы і разбіранні металу. Па словах экс-палітвязня, супрацоўнікі калоніі вызначаюць норму, якую немагчыма выканаць: напрыклад, начысціць за дзень 30 кілаграмаў алюмінію або 10 кілаграмаў медзі ці свінцу. "Гэта рабская праца — у зняволеных там няма выбару", — дадае ён.
Галоўным сродкам ціску на вязняў у "Віцьбе" ён назваў штрафны ізалятар (ШІЗА): "У ШІЗА створаныя такія ўмовы, якія вельмі ціснуць на псіхіку. У камеры акно з "раснічкамі“, у яго нельга паглядзець. Нары, якія адкідваюцца толькі на ноч, з жалеза па контуры і дошак. Там няма матраца — спіш на дошках. Там вельмі холадна. Холад, лічу, гэта асноўнае катаванне там. У ШІЗА не выдаюць цёплага адзення, ты туды заяжджаеш у звычайнай баваўнянай робе. І ў гэтым холадзе ты ўвесь час знаходзішся, і нічога нельга зрабіць".
У гэтай калоніі існуе спецыяльны атрад 2-11, дзе ўмовы самыя жорсткія. Раней у ім трымалі асуджаных паводле наркатычнага артыкулу 328 КК. Цяпер туды адпраўляюць "самых зацятых" палітвязняў і "складаных людзе".
"Іх там каля 20 чалавек, сярод іх актывіст "Еўрапейскай Беларусі“ Максім Вінярскі і быў блогер Сяргей Пятрухін. Зняволеных з гэтага атрада адпраўляюць толькі на разбіранне кабеля і збіранне металу. Гэта лічыцца самай цяжкай працай у калоніі", — кажа былы палітвязен.
Доступ да меддапамогі ў калоніі ўскладнены. "Палітычным" даюць бальнічны толькі ў скрайнім выпадку. Па словах палітвязня, медыкі самі ў гэтым прызнаваліся: "Шмат каму казалі так: "Прабачце, праз ваш артыкул мы не можам даць вам бальнічны“.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.