Абвешчаны прысуд Віктару Бабарыку — 14 гадоў пазбаўлення волі
Віктар Бабарыка / Reuters
Суд прызнаў экс-кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку вінаватым па двух артыкулах абвінавачання і прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі. Раней пракурор прасіў для яго тэрмін у 15 гадоў.
Бабарыку абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Віны ён не прызнаў, назваў справу палітычна матываванай. У сваім апошнім слове ў судзе ён заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.
"Мне не сорамна перад блізкімі, таму што не было дапушчана супрацьзаконных дзеянняў і нават намёку на здзяйсненне супрацьзаконных дзеянняў. Мне не сорамна перад работнікамі банка, таму што быў створаны найлепшы банк у краіне", — казаў Віктар Бабарыка ў апошнім слове.
Разам з Бабарыкам па гэтай справе таксама праходзілі яшчэ некалькі топ-менеджараў Белгазпрамбанка, а таксама адзін з кліентаў банка, саўладальнік і кіраўнік ТАА "Актыўлізінг" Віктар Кабяк. Усе яны пагадзіліся на супрацоўніцтва са следствам і прызналі сваю віну. Суд прысудзіў іх да такіх тэрмінаў:
Сяргей Шабан — 6,5 года турмы;
Дзмітрый Кузьміч — 6 гадоў;
Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей — па 5,5 года;
Віктар Кабяк — 3 гады;
Аляксей Задойка — 5 гадоў "хатняй хіміі".
Да пачатку пасяджэння да будынка суда выстраілася вялікая чарга з людзей, якія хацелі трапіць на працэс. Унутр многіх так і не пусцілі.
"Справа Белгазпрамбанка" ўзнікла пасля рашэння Віктара Бабарыкі балатавацца ў прэзідэнты. Неўзабаве пасля абвяшчэння пра гэта рашэнне ў банк прыйшлі з ператрусам, пачаліся затрыманні. Нягледзячы на вялікую колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Бабарыкі, ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.