У Лукашэнкі ўсё вырашаюць, ці трэба будаваць порт у Расіі — лічаць кожны долар
"Беларуськалій" па-ранейшаму пад санкцыямі / З архіва Еўрарадыё
У Аляксандра Лукашэнкі пакутліва вырашаюць, ці трэба будаваць порт у Расіі, ці не. Праект абмяркоўваецца не першы год, а Лукашэнка ўсіх ужо заблытаў сваімі, нярэдка супярэчлівымі, выказваннямі. 18 ліпеня адбылася чарговая нарада. У яе пачатку ён заявіў: "Неабходна канчаткова вызначыцца, што трэба — будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачынаць працу. Наколькі я ведаю, дзесьці пад Ленінградам мы і будуем, і мадэрнізуем. Пад Мурманскам пакуль целяпаемся".
Дзіўна, што Аляксандр Лукашэнка не ўдакладніў месца, дзе нібыта будуецца "беларускі порт", бо мінулым летам туды ездзіў.
Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў пасля нарады сказаў, што рашэння па-ранейшаму няма. Яго будзе рыхтаваць урад, каб "у бліжэйшы час" перадаць Лукашэнку. Відаць, праблема ў фінансамі, пра што адкрыта не гаворыцца (магчыма, было спадзяванне на расійскую дапамогу). Гэта пацвярджае Снапкоў, калі кажа, што "закладваць сёння ў перавалку яшчэ і інвестыцыйныя затраты мы сабе не можам дазволіць", бо "занадта нізкая цана [на сусветным рынку на калійныя ўгнаенні], і кожны долар... мы павінны па лагістыцы ўлічваць, адсочваць і эканоміць".
"Шчыра скажу, варыятыўна. Проста трэба садзіцца і лічыць", — дадае Мікалай Снапкоў.
Як вядома, з-за заходніх санкцый і вайны ва Украіне з пачатку 2022-га ўрад РБ вымушаны адпраўляць калійныя ўгнаенні за мяжу выключна праз Расію. Снапкоў кажа, што ўрад арыентуецца на аб'ём, а не на кошты. Ён сцвярджае, што ўжо ёсць магчымасці адпраўляць за мяжу 12 млн тон калійных угнаенняў за год. Сёлета ж плануецца прадаць 8 млн тон.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.