У Ляхавічах сёння пачынаецца суд над былым кіраўніком Баранавіцкай ДАІ
28 лютага ў Ляхавічах пачынаецца суд над былым кіраўніком Баранавіцкай ДАІ. Андрэя Ваўкавыцкага вінавацяць у парушэнні правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 4 арт. 317 КК). У лістападзе мінулага года каля вёскі Дарава на аўтадарозе Баранавічы-Ляхавічы ён на ўласным аўтамабілі на пешаходным пераходзе збіў 36-гадовую жыхарку Слуцка. Жанчына памерла на месцы здарэння.
На той час Андрэй Ваўкавыцкі займаў пасаду часовага выканаўцы абавязкаў начальніка Баранавіцкай ДАІ. Дарэчы, у момант здарэння ён не быў пры выкананні службовых абавязкаў. Ваўкавыцкі знаходзіцца пад вартай, яго адхілілі ад пасады і звольнілі з органаў унутраных спраў.