У Магілёве анансуюць хрэсны ход супраць "садомскай ідэалогіі"
У Магілёве анансуюць хрэсны ход супраць "садомскай ідэалогіі". Людзей на акцыю запрашае Цэнтр абароны мацярынства і дзяцінства пры Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Як піша "Вячэрні Магілёў", хрэсны ход будзе праводзіцца 16 сакавіка ў абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Калона пройдзе ад раёна завода імя Кірава да Габроўскай вуліцы, пасля — на плошчу Славы, да вуліцы Карла Маркса, праспекта Міра і Мінскай шашы (акцыя стартуе каля праваслаўнага храма і каля царквы скончыцца).
"Праблемы стварэння і захавання сям'і ў сучасным свеце з'яўляюцца вельмі сур'ёзнымі ў сілу разбурэння традыцыйных каштоўнасцяў, зневажання духоўнасці і маральнасці, — пішуць арганізатары хрэснага хода. — Такім чынам носьбітамі, прыхільнікамі і заступнікамі садомскай ідэалогіі наносіцца непапраўны ўрон існаванню нашага беларускага грамадства, руйнуецца асноўны сацыяльны капітал". Яны заклікаюць: "Захаваем сям'ю — захаваем дзяржаву і родную Беларусь!".