У Магілёве падчас атрымання хабару затрымалі загадчыка паліклінікі (фота)
У Магілёве падчас атрымання хабару затрымалі загадчыка адной з гарадскіх паліклінік. Здарэнне адбылося 21 лістапада. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычнікага РАУС Магілёва.
Як інфармуе палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў, першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама, загадчык паліклінікі пагадзіўся выдаць даведку аб стане здароўя без праходжання медыцынскай вадзіцельскай камісіі. Хабар на працоўным месцы яму перадаў беспрацоўны жыхар абласнога цэнтра. Якая яго сума, не паведамляецца.
Падчас агляду службовага кабінета аператыўнікі знайшлі еўра, долары, беларускія і расійскія рублі на агульную суму больш за 6,5 тысячы долараў ЗША. Праваахоўнікі папярэдне праводзілі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і сцвярджаюць, што маюць важкія падставы сцвярджаць пра атрыманне гэтых грошай "злачынным шляхам". Нібыта, загадчык паліклінікі працяглы час за хабар неаднаразова вырашаў пытанні, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю. Праваахоўнікі высвятляюць асобы іншых асоб, якія маюць дачыненне да злачыннай дзейнасці затрыманага.
У дачыненні мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле "атрыманне хабару" (ч. 1 арт. 430 КК). Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.