У Магілёве памёр хлопчык, які пацярпеў падчас падзення пліты недабудаванага дома
У Магілёве памёр 9-гадовы хлопчык, які атрымаў цяжкую траўму падчас падзення пліты недабудаванага дома, інфармуе БЕЛТА. З 1 лістапада за яго жыццё змагаліся лекары дзіцячай абласной бальніцы. Афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк адзначыла, што “з улікам новых абставін следствам будзе дадзена прававая ацэнка таму, што адбылося”.
Як інфармавала Еўрарадыё, трое хлопцаў гулялі каля недабудаванага дома. Пліта перакрыцця, якая раптоўна абрынулася, прыціснула двух з іх. 10-гадовы хлопец памёр на месцы ад атрыманых траўм. Іншага прывезлі ў бальніцу ў стане клінічнай смерці. На наступны дзень стала вядома пра затрыманне гаспадара недабудаванага дома. У яго адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле “Прычыненне смерці па неасцярожнасці”. Пазней яго вызвалілі, ён застаецца ў статусе падазраванага. Высветлілася, што мужчына пачаў будаваць дом без дазволу ў 2008-2010 гадах. Яго даўно павінны былі знесці, яшчэ ў 2010-м Камітэт дзяржкантролю вынес адпаведнае рашэнне. Распачатая яшчэ адна крымінальная справа, артыкул — “Нядбайнасць”. Па ёй праходзяць чыноўнікі Магілёўскага гарвыканкама.