У Магілёве сабралі 825 подпісаў за зніжэнне памеру “растаможкі”
Акцыю па зборы подпісаў зладзілі сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
Сацыял-дэмакраты хочуць прыцягнуць увагу чыноўнікаў і дэпутатаў да празмерна высокага ўвазнога мыта на аўтамабілі з Еўропы і ЗША.
Паводле іх, высокія тарыфы на “растаможку” несправядлівыя ў дачыненні да простых беларусаў, бо Беларусь не мае ўласнага легкавога аўтапраму. Тым часам беларускі аўтапарк імкліва старэе і амаль не абнаўляецца. Новыя аўтамабілі могуць дазволіць сабе толькі 0,2-0,3% беларусаў.
Актывісты БСДП збіралі подпісы на аўтастаянках і рынках горада. Сабраныя подпісы накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, прэм’ер-міністру, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, абраным ад Магілёва, — Эдуарду Сянкевічу, Уладзіміру Васіленку, Ігару Станкевічу і Аляксандру Разганаву.