У маскоўскіх цэрквах будуць маліцца за імпартазамяшчэнне
А таксама правядуць малебны ў дапамогу фермерам.
Ад сярэдзіны красавіка, пасля Вялікадня, у маскоўскіх цэрквах пачнуць чытаць малебны ў дапамогу фермерам і развіццю імпартазамяшчэння ў Расіі. Пра гэта піша газета "Известия" са спасылкай на намесніка старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні Царквы і грамадства Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) Рамана Багдасарава.
Святар адзначыў, што малебны ў дапамогу сялянам плануецца зрабіць пастаяннымі, і адбывацца яны будуць у любы зручны для грамадзян час. Ужо цяпер у храме Свяціцеля Мікалая на Трох Гарах у цэнтры Масквы ладзяцца малебны ў дапамогу валютным пазычальнікам. Іх служаць раз на два тыдні па нядзелях. Кожны раз на малебен прыходзяць прыкладна па 150 чалавек.
Пасля Вялікадня Сінадальны аддзел вызначыць, у якія дні тыдня і з якой перыядычнасцю будуць адбывацца малебны, якія будуць доўжыцца на працягу гадзіны. Таксама пасля праваслаўнага свята будзе зацверджана назва агульнай малітвы.
Нагадаем, што са жніўня 2014 года ў Расіі ўвялі эмбарга на пастаўкі шэрагу замежных прадуктаў харчавання.
Фота — izvestia.ru