У Маскве зноў судзяць Аляксея Навальнага, гэтым разам — за паклёп
Журналісты ля суда, дзе разглядаецца новая справа Навальнага / @novaya_pishet
У Бабушкінскім судзе Масквы ў пятніцу разглядаюць справу аб паклёпе. Адказчыкам выступае апазіцыйны палітык Аляксей Навальны. Пацярпелы — 93-гадовы ветэран.
Справу аб паклёпе супраць палітыка распачалі яшчэ летам — пасля таго як ён апублікаваў у сацсетках каментар з нагоды роліка тэлеканала RT у падтрымку зменаў у Канстытуцыю. У тым роліку зняліся сярод іншых дызайнер Арцемій Лебедзеў, доктар Леа Бакерыя, артыст Васіль Ланавой, а таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ігнат Арцёменка.
Родныя ветэрана заявілі, што ў Арцёменкі пасля слоў Навальнага знайшлі ішэмічную хваробу сэрца, якая здарылася "на нервовай глебе". Следчы камітэт Расіі ў сваю чаргу знайшоў у словах Навальнага "ілжывыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць 93-гадовага ветэрана".
Навальны сваю віну не прызнае, лічыць справу палітычна матываванай. Пацярпелы ветэран удзельнічае ў пасяджэнні па відэасувязі з дома, расказвае "Новая газета".
Навальны пасля атручвання і лячэння ў Германіі ў сярэдзіне студзеня вярнуўся ў Расію і быў затрыманы. Перад гэтым Федэральная служба выканання пакаранняў РФ абвясціла яго ў вышук за парушэнне ўмоў умоўнага пакарання, якое яму было прызначанае па справе "Іў Рашэ". 2 лютага Сіманаўскі суд Масквы замяніў Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальны ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд справакаваў масавыя выступы ў шэрагу гарадоў Расіі, якія былі жорстка задушаныя.