"Перад тым,як Сашу знайшлі ў пятлі, яго шукалі".Дзясяты дзень "справы Коржыча".

Абвінавачаныя па справе. Фота: Еўрарадыё
Абвінавачаныя па справе. Фота: Еўрарадыё

21 жніўня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў судзе Маскоўскага раёна працягвае разглядаць справу аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. Абвінавачанне ўжо агучана, дапытаная палова пацярпелых. Маці Аляксандра Святлана Коржыч адмаўляецца верыць у тое, што яе сын павесіўся сам. На лаве падсудных — 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 23-гадовы Антон Вяжэвіч. Яны абвінавачваюцца па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць па ч. 1 артыкула 205-га (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455 — тую, якая тычыцца смерці радавога Коржыча.

У аўторак працягнецца допыт пацярпелых. Перад пасяджэннем 20 жніўня Святлана Коржыч паказала журналістцы Еўрарадыё спіс сведак, якія дадуць паказанні ў судзе пасля пацярпелых. Першым у спісе ідзе камандзір роты Павел Сукавенка, які зараз утрымліваецца ў СІЗА № 1, а апошнім — сяржант Андрэй Заяц. Менавіта ён знайшоў цела Аляксандра Коржыча павешаным ў падвале медыцынскай роты. Зараз Заяц адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску (18 траўня яго асудзілі на 3 гады за дзедаўшчыну).

Коржыч заўважыла, што ў спісе заяўленых сведкаў няма прапаршчыка Артура Вірбала. Ён зараз знаходзіцца пад следствам у якасці падазраванага (нам вядома, што вайсковец забраў у загінулага Коржыча банкаўскую карту і карыстаўся ёй у сваіх мэтах). Падчас пасяджэння Святлана хадайнічала аб выкліку прапаршчыка ў якасці сведкі. Суд хадайніцтва задаволіў.

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медыцынскай роты вайсковай частцы 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі сем дзён. У салдата былі звязаны ногі, а на галаву надзетая майка. Расследванне гучнай справы доўжыўся паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018-га Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі