У Мінабароны РБ заявілі пра гатоўнасць рэагаваць на "правакацыі" на мяжы
Вучэнні выведных падраздзяленняў / @modmilby
Беларускае войска цяпер будзе не толькі фіксаваць, але і адэкватна рэагаваць на "правакацыі" на мяжы, заявіў памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва палкоўнік Валерый Равенка. Паводле яго слоў, імавернасць узнікнення ўзброеных правакацый, здольных перарасці ў прыгранічныя інцыдэнты, застаецца высокай на працягу доўгага часу.
"Пры гэтым калі раней правакацыі намі толькі фіксаваліся, то цяпер мы перайшлі да мер адэкватнага рэагавання на іх", — кажа Равенка. Паводле яго слоў, у Мінску разумеюць, што ад вытрымкі беларускіх вайскоўцаў "залежыць, ці застанецца ўзброены канфлікт ва Украіне ў цяперашніх рамках або зробіцца больш маштабным".
Равенка таксама расказаў пра "цеснае ўзаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй". Паводле яго слоў, сёлета плануецца зладзіць больш за 150 сумесных мерапрыемстваў рознай накіраванасці, у тым ліку вучэнні "Шчыт Саюза-2023". Яны пройдуць на тэрыторыі Расіі з 22 да 26 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.