У Мінэнерга Беларусі не каментуюць заяву міністра аб замене корпуса рэактара АЭС

У Мінэнерга Беларусі не каментуюць заяву міністра аб замене корпуса рэактара АЭС

11 жніўня шэраг расійскіх СМІ распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што Беларусь вырашыла замяніць корпус рэактара да першага энергаблока Астравецкай АЭС, які атрымаў пашкоджанні падчас перамяшчэння на будаўнічай пляцоўцы. Спасылаюцца расійскія журналісты на міністра энергетыкі Беларусі Уладзіміра Патупчыка, які знаходзіцца з візітам у Цюмені.

У Міністэрстве энергетыкі Беларусі каментаваць гэтую важную навіну адмовіліся, яны спаслаліся на адсутнасць інфармацыі на гэты конт.

Як паведамляла Еўрарадыё, інцыдэнт з корпусам ядзернага рэактара адбыўся на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС 10 ліпеня. Амаль тры тыдні аб ім не было ніякай афіцыйнай інфармацыі. Яна з'явілася толькі пасля некалькіх публікацый ў незалежных СМІ. Карпарацыя "Расатам" прызнала, што 330-тонны корпус рэактара саслізгнуў з вышыні чатырох метраў і сутыкнуўся з грунтам. І, нібыта, не атрымаў пры гэтым пашкоджанняў.

Сітуацыю таксама пракаментаваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што калі на корпусе засталася нават нязначная драпіна, ён будзе заменены.

У інтэрв'ю Еўрарадыё вядомы расійскі інжынер і фізік Андрэй Ажароўскі паведаміў, што нават нязначная няштатаная сітуацыя можа прывесці да пашкоджанняў корпуса рэактара.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі