У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі распавялі, дзе пасол Сербіі зламаў рэбры
У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі пракаментавалі здарэнне з паслом Сербіі Велька Кавачэвічам. 22 чэрвеня ён страціў прытомнасць падчас наведвання ў Мінску Вёскі спартсменаў. Раней у СМІ агучвалася версія, паводле якой паслу стала дрэнна ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", калі ён праважаў прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча.
Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што ў Вёсцы спартсменаў Кавачэвіч быў з групай супрацоўнікаў сербскага пасольства. Ён страціў прытомнасць з-за душнага і гарачага надвор'я. Пасла Сербіі шпіталізавалі ў бальніцу хуткай меддапамогі. Высветлілася, што падчас падзення ён атрымаў пералом рэбраў, у яго ўзнік пнеўматоракс. Аднак на сённяшні дзень стан Велькі Кавачэвіча "стабільны, самаадчуванне значна палепшылася".
Як вядома, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч прыляцеў у Мінск на цырымонію адкрыцця Еўрапейскіх гульняў. Нечакана ён адмовіўся прыходзіць на стадыён "Дынама", чым вельмі засмуціў Аляксандра Лукашэнку. Вучыча абурыў удзел у Еўрагульнях каманды Косава.