Мінздароўя пра рэцэпты: Асноўныя прэтэнзіі пацыентаў — па кантрацэптывах!

Ужо некалькі дзён беларусы абмяркоўваюць навіну пра тое, што згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя рэцэпты цяпер забіраюць у аптэцы, а не пакідаюць пацыенту. Таму хворым, каб атрымаць лекі на працяг лячэння, даводзіцца кожны раз ісці да доктара.

У паліклініцы №17, якую ўжо тыдзень наведвае карэспандэнт Еўрарадыё, шмат людзей каля рэгістратуры. Чэргі былі і раней, але ніколі не здаралася сустрэць у ліфце адразу трох пацыентаў з кіпай рэцэптаў “ад ціску”! У працэдурнай людзі бурчаць: дактарам няма працы, акрамя як займацца пісанінай.

Доктар Вольга з Верхнядзвінска па-свойму стараецца зразумець міністэрства: нельга прымаць лекі проста так. Але заўважае, што ў дактароў сапраўды павысілася колькасць “пісаніны”.

“Папяровай працы вельмі шмат, нагрузка на медсясцёр каласальная! Але ж у Еўропе ніхто ніколі не прадасць вам лекі проста так. Калі ў чалавека артэрыяльная гіпертэнзія, ён абавязаны прыходзіць да доктара раз на паўгода. Чалавеку ж можна выпісаць рэцэпт на паўгода адразу! Атрымліваецца, не сам чалавек зацікаўлены ў сваім здароўі, а медыкі павінны яго цягнуць?” — стрымліваецца ад лішніх эмоцый доктар.

Больш, чым паліклінікі, церпяць ад зменаў аптэкары, якім даводзіцца тлумачыць новаўвядзенні раздражнёным пацыентам. Каб не ганяць хранічна хворых да доктара, яны вырашылі капіраваць рэцэпты.

“Крычаць, абражаюць, матам абкладаюць, — скардзяцца аптэкары на вуліцы Рафіева ў Мінску. — Мы робім ксеракопіі рэцэптаў для хронікаў. Але ж вы зразумейце, некаторыя інваліды ледзь ходзяць, куды ім з паперкамі цягацца”.

Еўрарадыё ўжо расказвала пра праблемы, якія ўзніклі ў хранічна хворых людзей: яны павінныя былі наведаць доктара, каб выпісаць новыя рэцэпты. Медыкі папярэджваюць: можна выпісаць рэцэпт на шэсць месяцаў адразу. І раз пацыент-хронік усё роўна абавязаны з'яўляцца да доктара раз на паўгода, тады яму і выпішуць лекі.

Начальнік аддзела арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Наталля Малашка кажа, што пра скаргі ў ведамстве ведаюць: штодзень ім тэлефануюць і нават прыходзяць, каб выказаць прэтэнзіі. Пацыентам не падабаецца, што абмежавалі іх свабоду ў выбары лекаў, кажуць: “Гэта маё здароўе і мае грошы, я хачу набыць тое, што хачу”.

Па словах Наталлі Малашка, у міністэрстве не чакалі такой ярасці, бо нічога, акрамя таго, што рэцэпты забіраюцца, не змянілася. Праблема, на яе думку, у тым, што народ не хоча ісці да доктара.

“Самі лячыліся, самі прызначалі сабе лекі, самі паміралі. Вось гэтыя дні, як вы кажаце, напружаныя па рэцэптах, паказалі, што асноўныя прэтэнзіі былі па аральных кантрацэптывах. Ні па антыбіётыках, ні па якіх іншых леках, а па гарманальных! Нашы жанчыны самі сабе прызначалі і пілі. Людзі іх столькі з'елі, вы сабе не ўяўляеце! Вы згадайце, калі вам канкрэтна выпісвалі, а не казалі пра супрацьзачаткавае. Дзяўчаты ў нас пачынаюць іх піць з ранняга ўзросту, а потым такія дзікія праблемы!”

Супрацоўніца міністэрства дадае, што да наплыву хранічных хворых па новыя рэцэпты падрыхтаваліся — трапіць да доктара можна без запісу, і паўсюль у паліклініках вісяць аб'явы.

У Міністэрстве прыводзяць прыклад, што каля 60% лекаў прадаецца без рэцэпта, у тым ліку і некаторыя антыбіётыкі.

Наталля Малашка: “Чаму людзі не абураюцца на тое, што, каб ездзіць на машыне, трэба атрымліваць правы? Чаму ў нас без правоў ездзіць нельга, хоць сусед навучыў і ты добра ездзіш? А калі зайшла гаворка пра здароўе, пайшло абурэнне. У нас прывыклі вельмі лёгка ставіцца да свайго здароўя. Вы паглядзіце, кожны ўмее лячыць гіпертанію! А ў выніку што? На першым месцы па смяротнасці ў нас гіпертонікі! Мы забылі, што лекі — гэта і яд. Прабачце, уколам інсуліну можна забіць чалавека!”

Наталля Малашка кажа, што з часам з'явіцца і электронны рэцэпт. Над гэтым працуюць у ведамстве. Першым да гэтай навінкі падключаць увесь Мінск, а потым такую практыку ўвядуць па ўсёй краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі