У Мінсктрансе не ведаюць, якіх “зайцаў” штрафаваць на 12 рублёў, а якіх — на 24
З 31 студзеня 2018 года ў Мінску змяняецца памер штрафаў за безбілетны праезд у грамадскім транспарце. Раней усіх “зайцаў” без разбору штрафавалі на 0,5 базавай велічыні (на пачатак 2018 года гэта 12,25 рублёў). А з апошняга дня студзеня ў рэвізораў з’яўляецца выбар: штраф можа скласці ад 0,5 да 1 б.в., то бок ад 12,25 да 24,5 рубля.
Папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс, якімі ўводзіцца новы памер штрафаў за безбілетны праезд, прынятыя 8 студзеня. Цікава, што з КаАП знік штраф за неаплачаны правоз багажа на паветраным, водным і аўтамабільным транспарце. Спагнаннем у 0,2 базавай велічыні цяпер караецца толькі парушэнне нормаў бясплатнага правоза багажа на чыгуначным транспарце агульнага карыстання.
Ад чаго будзе залежаць памер штрафа, за дзень да яго ўвядзення ў Мінсктрансе не гатовыя даць адказ.
“А як супрацоўнікі ДАІ вызначаюць, каму даваць 2 базавыя велічыні, а каму – 10?” – адказваюць пытаннем на пытанне Еўрарадыё ў прыёмным пакоі Мінсктранса. Але дадаюць: “Гэта вядзенне адміністрацыйнага працэсу”. І раяць звярнуцца да кіраўніка кантрольна-рэвізійнай службы Юрыя Давідовіча.
Датэлефанавацца да Юрыя Уладзіміравіча ў Еўрарадыё не атрымалася, таму тэлефануем наўпрост у кантрольна-рэвізійную службу.
“У нас ніякай інфармацыі пакуль няма”, – адказваюць там.
Але ж новыя штрафы ўводзяцца ўжо заўтра!
“На жаль, нічога патлумачыць не можам: няма інфармацыі”, – толькі паўтараюць у кантрольна-рэвізійнай службе.
Па ўсім відаць, 31 студзеня і надалей – пакуль чыноўнікі не разбяруцца з крытэрамі для падвышэння штрафаў – з “зайцаў” усё ж будуць спаганяць “звычайныя” 0,5 базавай велічыні.