У Мінску 14 вернікаў пранеслі на сабе крыж (фота)
17 красавіка на пляцоўцы каля мінскага касцёла святога Роха адбылося набажэнства Крыжовага шляху напярэдадні Вялікадня. Вернікі разам з біскупам Юрыем Касабуцкім прайшлі 14 стацый (месцаў з Евангелля, дзе апісваецца шлях Хрыста з моманту яго выдачы Пілату да уваскрашэння. — Еўрарадыё).
Падчас Крыжовага шляху 14 людзей па чарзе распавядалі гісторыі свайго жыцця, звязаныя з п'янствам, распустай, абортамі і іншымі грахоўнымі сітуацыямі, выйсце з якіх яны знайшлі, дзякуючы Богу. Кожны з гэтых людзей нёс на сабе крыж адну стацыю, у знак таго, што Езус нясе свой крыж за кожнага чалавека.
Напрыканцы біскуп Юрый Касабуцкі таксама блаславіў крыж забітага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які стаяў у лагеры Трасцянец, і які падчас чарговага добраўпарадкавання быў выкінуты на сметнік. З гэтага часу крыж будзе знаходзіцца ля касцёла на Залатой Горцы.