У Мінску 4,6 тысячы шматдзетных сем’яў стаяць у чарзе на кватэру
У Мінску амаль 4,6 тысячы шматдзетных сем’яў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Такія дадзеныя публікуе Мінгарвыканкам. На сёння 1 136 шматдзетных сем’яў у сталіцы паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы, у тым ліку 218 атрымалі зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва дамоў.
У першую чаргу на будаўніцтва жылля накіроўваюцца сем’і, у якіх чацвёра і болей дзяцей. Такіх у сталіцы 293, 193 з іх ужо ў працэсе будаўніцтва.
Усяго ж у Мінску на 1 ліпеня на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў стаялі 212 369 чалавек (сем’яў). З іх 584 маюць права на сацыяльнае жыллё, у тым ліку 267 — у пазачарговым парадку, перадае БЕЛТА.