У Мінску адзначаць Дзень таты
У мінскім Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага 19 чэрвеня пройдзе Дзень татаў. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Мінскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, на летняй сцэне ў парку запланаваная канцэртная праграма. Для саміх татаў, а таксама мам і дзяцей арганізатары падрыхтавалі конкурсы і спаборніцтвы. Удзельнікі святкаванняў змогуць памаляваць на асфальце каляровай крэйдай, а таксама паспрабаваць на сабе тэхніку бодзі-арта.
Дзень таты арганізуе рэспубліканскае дабрачыннае аб’яднанне “Клуб Ільвоў” сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама. Такія ж святы адбываюцца ў многіх краінах у трэцюю нядзелю чэрвеня. У беларускай сталіцы такая акцыя ўпершыню прайшла ў 2013 годзе.