У Мінску агучаны прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба "Імагуру"
"Імагуру" ў Мінску зачыніўся ў 2021-м
У Мінску агучаны прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба "Імагуру". Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, Яўген Пугач знаходзіцца за кратамі ў РБ з ліпеня мінулага года. Справу з пачатку восені разглядаў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Любоў Сімахіна).
Як паведамляюць праваабаронцы, Марыніч завочна асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф — 280 тысяч рублёў. Хамянкову завочна асудзілі да 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму і такі ж штраф. Пугач асуджаны на чатыры з паловай года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама аштрафаваны на 20 тысяч рублёў.
Крымінальную справу разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "заклікі да санкцый", "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
"Імагуру" ў Мінску зачыніўся ў 2021-м (перад гэтым прыходзілі сілавікі ў масках, праводзіліся затрыманні). Пазней дзейнасць аднавілася за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.