У Мінску за наркотыкі асуджаныя на 9-10 гадоў калоніі трое падлеткаў-закладчыкаў
У Мінску асуджаныя трое падлеткаў — закладчыкаў наркотыкаў — 16-гадовыя Ягор С. і Вячаслаў Л., а таксама 17-гадовы Андрэй С. Іх прызналі вінаватымі ў незаконным набыцці, захоўванні і збыце наркотыкаў. Вячаслаў Л. і Андрэй С. атрымалі па 10 гадоў папраўчай калоніі, Ягор С. — 9 гадоў. Па амністыі ім скароцяць тэрміны на 2 гады.
Маладых людзей затрымалі 1 лістапада 2018-га. Следства доўжылася 8 месяцаў. Мінскі раённы суд разглядаў крымінальную справу з пачатку ліпеня 2019 года. Па версіі следства, праз рукі хлопцаў прайшло больш за 400 грамаў марыхуаны ды больш за 21 грам альфа-PVP.
Следчыя не змаглі выявіць асобаў, якія прадавалі хлопцам наркотыкі.
Мама Ягора С. пасля пасяджэння распавяла Еўрарадыё, што плануе абскарджваць прысуд:
"У мяне шмат пытанняў да доказаў. Ёсць падазрэнне, што частка з іх наогул сфабрыкаваная. Напрыклад, тэлефон дзіцяці, калі яго дома затрымлівалі, аператыўнікі забралі і зрабілі выгляд, што спакавалі яго ў поліэтыленавы пакет. А потым яны з гэтым тэлефонам паехалі на затрыманне да другога хлопчыка. І тэлефон Ягора яму прад'яўлялі: вось, глядзі, у яго фатаграфіі тваіх красовак... То бок ён увесь гэты час знаходзіўся ў іх у карыстанні. Што там за гэты час магло ў тэлефоне з'явіцца? Хоць ядзерную бомбу туды змясціць можна было!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.