У Мінску асудзілі хулігана, які збіў гея за яго сэксуальную арыентацыю

У Мінску асудзілі хулігана, які збіў гея за яго сэксуальную арыентацыю

10 лютага суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову хулігана, які абрабаваў і збіў гея за яго сэксуальную арыентацыю. Як адзначае Беларускі праваабарончы цэнтр "Ідэнтычнасць", гэта першы ў гісторыі Беларусі прысуд па злачынстве на глебе гамафобіі.

Паводле інфармацыі БелаПАН, зламыснік уваходзіў у групу "Акупай-педафіляй". Са сваёй будучай ахвярай ён пазнаёміўся ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте". 5 лістапада 2015 года яны сустрэліся каля адной са станцый мінскага метро, ​​набылі ў супермаркеце піва, цыгарэты і чыпсы і адправіліся выпіваць у двор жылога дома.

Праз гадзіну абвінавачаны пачаў цікавіцца сэксуальнай арыентацыяй пацярпелага. Пераканаўшыся, што яго знаёмец гей, хуліган некалькі разоў яго стукнуў. Потым ён прымусіў пацярпелага прызнацца ў гомасэксуальнасці, раскрываць асабістыя звесткі (прозвішча і імя, месца жыхарства, месца працы), распытваў пра яго сэксуальны досвед. Усё гэта нападнік запісваў у форме відэа на свой мабільнік. Ён патрабаваў, каб пацярпелы спыніў гомасэксуальныя кантакты, пагражаючы раскрыць іншым звесткі пра яго арыентацыю.

Потым ён забраў з кашалька пацярпелага 100 тысяч рублёў.

Нападніка прызналі вінаватым у хуліганстве і рабаванні, учыненым з пагрозай прымянення гвалту. Абцяжваючай акалічнасцю суд прызнаў тое, што злачынства было здзейсненае па матывах варожасці або варажнечы ў дачыненні да сацыяльнай групы — ЛГБТ-супольнасці.

Таксама абвінавачаны павінен выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў 5 млн рублёў і матэрыяльнай шкоды — 150 тыс. рублёў.

Падсудны прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца ў зробленым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі