У Мінску чыноўнікі і прадпрымальнікі будуць гаварыць пра беларускія тавары
“Чаму мы не носім сваё і чаму на рынках не знайсці беларускага?” — адказы на гэтыя пытанні збіраюцца знайсці ўдзельнікі сённяшняга круглага стала.
27 сакавіка ў Мінску пройдзе круглы стол, арганізаваны канцэрнам "Беллегпрам", і на які запрошаныя індывідуальныя прадпрымальнікі. Як даведалася Еўрарадыё, у мерапрыемстве паўдзельнічае каля 50 чалавек.
Падчас гэтага круглага стала будуць абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва канцэрна з прадпрымальнікамі. Аб гэтым Еўрарадыё паведаміў прэс−сакратар "Беллегпрама" Андрэй Рабчэўскі:
“Будзе каля 50 чалавек, гэта непасрэдна прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Нават з Віцебска тэлефанавалі людзі. Паседжанне будзе цягнуцца прыкладна гадзіну-паўтары”.
Нагадаем, такім чынам “Беллегпрам” плануе наладзіць кантакт з прадпрымальнікамі. Як нядаўна заявіў старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык, ІП запрашаюць, каб вызначыцца, якім чынам весці бізнес далей. Ён паўтарыў словы Аляксандра Лукашэнкі, што "усе павінны быць на роўных умовах". Яфімчык падкрэсліў, што дзейнасць усіх удзельнікаў рынку павінна быць празрыстай.
Як паведамляла Еўрарадыё, для ІП, якія гандлююць беларускімі таварамі, могуць знізіць арэндныя стаўкі. Пра гэта заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
На здымку БелаПАН — сёлетні з'езд у Мінску індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізаваны "Перспектывай".