У Мінску дэлегацыя Еўрапарламента сустрэлася з лідарамі апазіцыі
Гаворка ішла пра сітуацыю ў Беларусі, пра будучыя прэзідэнцкія выбары.
19 чэрвеня ў Мінску дэлегацыя Еўрапарламента сустрэлася з лідарамі апазіцыі. У ёй удзельнічалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард і намеснік старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Валерый Ухналёў. У складзе дэлегацыі Еўрапарламента былі кіраўнік рабочай групы па сувязях з Беларуссю Багдан Здраеўскі, дэпутаты Сандра Калніетэ, Вальдэмар Тамашэўскі, Марэк Юрэк, Хайдзі Хаўтала, Нілс Торвалдс, Агнешка Казлоўска і Андрэйс Мамікінс.
Як інфармуе БелаПАН, гаворка ішла пра будучыя прэзідэнцкія выбары і пра аказанне Беларусі дапамогі з боку ЕС. Апазіцыянеры звярталі ўвагу дэпутатаў на ціск, які пачаўся на ўдзельнікаў ініцыятыўных груп. Гасцям з ЕС перадалі прапановы па правядзенні выбараў, якія раней дасылаліся і беларускім уладам.
На сустрэчы гаварылі і пра фінансавую дапамогу ЕС Беларусі. Лябедзька выказаўся на конт таго, што 700 тысяч дапамогі на судовую сістэму Беларусі, "якая не з'яўляецца такой зыходзячы з міжнародных стандартаў, ці 7 мільёнаў на мясцовае самакіраванне — гэта кепскія прыклады". Палітык мяркуе, што ў Еўракамісіі дзіўна ўспрымаюць сітуацыю ў нашай краіне, не заўсёды разумеюць, якія праекты трэба падтрымліваць. Багдан Здраеўскі паведаміў, што з чыноўнікамі з Бруселя будзе гаворка на гэтую тэму.
Нагадаем, дэлегацыя Еўрапарламента знаходзіцца ў Беларусі з двухдзённым візітам. Яна мела сустрэчы ў МЗС, Цэнтрвыбаркаме, Мінюсце і ў Савеце Рэспублікі.
Фота: flickr.com