У Мінску эвакуявалі жыхароў са шматпавярховіка — кажуць пра пагрозу абвалу дома
У Мінску эвакуявалі ўсіх жыхароў з дома на вуліцы Шырокай, 3, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе, піша TUT.by.
Яшчэ паўтара года таму жыхары пісалі звароты ў розныя інстанцыі, каб вырашыць пытанне з апорнай калонай у другім пад'ездзе. Тыдзень таму спецыялісты пачалі рамонт. Мяркуецца, што ў выніку гэтых работ калона пачала разбурацца, а гэта пагражае абвальваннем будынка.
Мясцовы жыхар Аляксандр паведаміў журналістам: "Нам сказалі ўзяць пашпарты і выйсці ўсім на вуліцу. Дом ачапілі, нікога унутр не пускаюць. На фасадзе бачныя расколіны".
У Мінгарвыканкаме кажуць, што ў доме будуць праводзіцца работы па ўзмацненні маналітнай калоны другога пад'езда. Мяркуецца, што яны павінны скончыцца а 20-й гадзіне.
Жыхароў дома часова прытулілі ў сярэдняй школе №178.