У Мінску газаўшчыкі штогод выяўляюць 50 выбухованебяспечных люкаў

Пасля нядаўняга выбуху газавага калодзежа ў Віцебску, прычынай якога стала петарда, што віцебскі школьнік кінуў у газавы люк, Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці ёсць падобная небяспека для жыхароў Мінску. Паводле даследавання "Еўрапейскага радыё для Беларусі", аказалася, што газавыя калодзежы амаль не адрозніваюцца ад каналізацыйных. Начальнік службы эксплуатацыі падземных газаправодаў “Мінгазу” Сяргей Міхалік кажа, што трэба быць вельмі асцярожным з запалкамі і цыгарэтамі, якія выпадкова могуць патрапіць у люк.

Міхалік: У люку ёсць невялікая адтуліна памерам 12 міліметраў. Праз яе бярэцца проба на загазаванасць.

Аднак у Мінску выбухаў газавых калодзежаў не здаралася.

Міхалік: На маёй памяці (стукае па дрэве) падобных надзвычайных здарэнняў не было, а я працую ўжо 10 гадоў.

Інфармацыі пра падобныя факты няма ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях – там называюць гэты выпадак выключным. Бо, як кажуць у “Мінгазе”, каб выбухнуў газаправод, патрэбны спецыяльныя ўмовы:

Супрацоўніца "Мінгазу": Каб адбыўся выбух ці пажар, патрэбна асаблівая канцэнтрацыя газу разам з паветрам 7-20%. А гэта малаверагодна, нават калі ёсць уцечкі.

Дзеля таго каб не здаралася аварыйных сітуацыяў, “Мінгаз” правярае газавыя калодзежы. Іх у Мінску і Мінскім раёне каля 2 тысяч. Правяраюцца яны штомесяц, і час ад часу выяўляецца іх небяспека.

Міхалік: За год мы знаходзім такіх месцаў 50. Калі мы выяўляем загазаванасць, выклікаем аварыйную службу і ахоўваем люк да таго часу, пакуль не прыязджае аварыйка.

Тым часам віцебскія газаўшчыкі лічаць, што выбухнула толькі петарда.

Пасля выбуху ля калодзежа віцебскія газаўшчыкі дзяжурылі амаль двое сутак, кожную гадзіну вымяралі ўзровень газу. Да таго ж, прасвідравалі некалькі адтулін на працягу 50 метраў уздоўж газаправоду: высвятлялі, ці не выходзіць з трубы газ. У панядзелак правялі апошнюю пазапланавую праверку.

Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства "Віцебскгаз" Аляксандра Кузьміча, трубаправод не пашкоджаны. Па версіі газаўшчыкоў, моцны выбух адбыўся ад таго, што петарда разарвалася ў замкнёнай прасторы. Ніякага газавага кандэнсату, на думку спецыялістаў "Віцебскгазу", у калодзежы не было. Аднак дату апошняй планавай праверкі журналісту назваць адмовіліся. Паводле спадара Кузьміча, прадпрыемства не плануе выстаўляць бацькам хлопчыка ніякіх рахункаў, бо адзіным пацярпелым у гэтым здарэнні з'яўляецца сам Саша. Магчыма, таму што пацярпелы таксама зможа выставіць ім рахунак у адказ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі