У Мінску мужчына пагражаў выкінуцца з балкона 9-га паверху (фота)
Ён збіраўся ўчыніць суіцыд "з-за праблем з дзяўчынай".
У Мінску ў другой палове дня 16 студзеня ў мікрараёне Зялёны Луг мужчына пагражаў скончыць жыццё самагубствам. Ён стаяў на балконе дзевятага паверху жылога дома і пагражаў скокнуць уніз. Як інфармуе БелаПАН, зрабіць гэта мужчына збіраўся "з-за праблем з дзяўчынай". З ім размаўлялі спецыялісты, які спрабавалі адгаварыць ад задуманага ім.
Як паведамляе агенцтва "Мінск-навіны", выратавальнікі разгарнулі на зямлі каля дома спецыяльнае прыстасаванне — "куб жыцця", якое мусіць выратаваць чалавека ў выпадку яго падзення з вышыні. Аднак яго дапамога не спатрэбілася. Мужчына ўжо знаходзіцца ў бяспецы. Вядома, што яму 36 гадоў. Ён "без пэўнага месца жыхарства".
Вось што паведаміў Еўрарадыё Віталь Дэмбоўскі, прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС:
"Ён на зямлі. Зараз высвятляем, што там і як было... Усё завершылася добра. Адзінае — падрабязнасці пазней".
Пасля аказання мужчыне неабходнай медыцынскай дапамогі яго даставяць на агляд да псіхіятраў (рукі былі пераматаныя акрываўленымі імправізаванымі бінтамі — верагодна былі і іншыя спробы суіцыду). Не выключана таксама, што пасля неабходных разбіральніцтваў мінчуку могуць выставіць рахунак за працу экстраных службаў, а таксама прызначыць адміністрацыйнае пакаранне, паведамляе сайт naviny.by.
Фота з сацыяльных сетак і БелаПАН.