У Мінску на будоўлі ўзбунтаваліся гастарбайтары
Рабочыя-мігранты з Туркменістана, Узбекістана і Украіны адмовіліся працаваць, таму што іх дрэнна кармілі.
Аб незвычайным здарэнні паведамляе tut.by. Раніцай 9 ліпеня недалёка ад гандлёвага цэнтра "Замак" на будоўлях амбасадаў Казахстана і Туркменістана рабочыя з Туркменістана, Узбекістана і Украіны адмовіліся ісці на пляцоўку працаваць. Іх не задаволіла якасць ежы, якую прывезлі на будоўлю.
У стыхійным страйку ўдзельнічала каля 200 чалавек. "Нас дрэнна кормяць, таму сёння не выйшлі на працу. А так усё добра, зарплаты своечасова выдаюць", — расказаў падрабязнасці пратэсту адзін з рабочых.
Паступова бунтаўнікоў вывезлі з пляцоўкі аўтобусамі. Праца на будоўлі тым часам не спынялася. Частка будаўнікоў працягвала працаваць.
Кіраўніцтва аб'екта не каментавала сітуацыю. Падрабязнасці распавёў агент па забеспячэнні, які не назваў свайго імя: "Сёння працаўнікі заявілі, што не будуць працаваць, пакуль не будзе нармальнага хлеба. Дрэнны хлеб трапіўся, але не сапсаваны. Мякчэй быў ці што, чым звычайна. Субпадрадчык тут закупляе хлеб з завода. Рабочыя такія капрызныя і эмацыйныя папаліся, не спадабалася ежа, прыйшлася ім не да спадобы".
Паводле яго слоў, для будаўнікоў гатуюць туркменскія стравы з беларускіх прадуктаў. Кормяць рабочых тры разы на дзень.