У Мінску на чарговай вечарынцы з наркотыкамі затрымалі 37 маладых людзей
У Мінску на чарговай вечарынцы з наркотыкамі затрымалі 37 маладых людзей. Як інфармуе прэс-служба сталічнай міліцыі, здарэнне адбылося ў пятніцу, 19 студзеня. Моладзь сабралася ў арэндаваным катэжджы на Геалагічнай вуліцы, каб адзначыць навагоднія і калядныя святы.
У міліцыі была аператыўная інфармацыя, што хлопцы і дзяўчаты збіраюцца ўжываць наркотыкі (на іх яны збіралі грошы). Знайшлі іх толькі ў двух непаўналетніх — у аднаго 5 грамаў марыхуаны, 0,6 грама асабліва небяспечнага рэчыва MDMA, у іншага — 0,42 грама марыхуаны. У іх дачыненні распачалі крымінальныя справы, артыкул — "Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў". Кожнаму з хлопцаў пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Адзначаецца, што затрыманыя — навучэнцы розных навучальных устаноў сталіцы. Раней яны не прыцягваліся ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці. Праваахоўнікі спрабуюць высветліць канал пастаўкі наркотыкаў.
Як інфармавала Еўрарадыё, 11 студзеня суд Першамайскага раёна Мінска вынес прысуд сямі ўдзельнікам экстазі-вечарынкі ў сталіцы, падчас якой памерла 19-гадовая дзяўчына. Аднак, як адзначаецца ў сюжэце праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, падобныя вечарынкі працягваюцца.