У Мінску невядомыя забіваюць дуб

У Мінску невядомыя забіваюць дуб

17 ліпеня на вуліцы Леаніда Бяды, насупраць дома №13 невядомыя пасыпалі соллю карані дуба. Таксама яны прасвідравалі ў дрэве адтуліну і залілі туды саляны раствор. Менавіта так дрэва можна забіць — атрута разліваецца па яго сасудзістай сістэме і павольна сушыць знутры.

Неабыякавыя мінакі, якія заўважылі соль, звярнуліся ў міліцыю і да журналістаў.

У Мінску невядомыя забіваюць дуб
Фота: “Зялёны партал”

Дуб ачысцілі ад солі. Ужо на наступны дзень Еўрарадыё заспела ля дрэва супрацоўнікаў "Зелянбуда". Яны агледзелі дрэва і ўзяліся за яго выратаванне. Знялі забіты соллю пласт кары, прамылі адтуліну. апрацавалі ўсё антысептыкам. Пасля дзірку закрылі, а пашкоджаную частку ствала пакрылі фарбай для герметычнасці.

У Мінску невядомыя забіваюць дуб
Фота: тэлеграм-канал Батанічныя нататкі t.me/notesbotany

Па словах аднаго з рабочых "Зелянбуда", зрабіць такое злачынства з дрэвам можна за пару гадзін ноччу: "З вокнаў тут не асабліва відаць, што робіцца, вуліца малалюдная. Шрубавёрт на акумулятары, спецыяльная насадка для свідравання дрэва, сякера і пара гадзін вольнага часу".

Каму мог перашкодзіць дуб? Да бліжэйшага дома метраў 6-7, і наўрад ці ён некаму моцна закрывае сонца. Да таго ж, ёсць дрэвы, якія стаяць бліжэй да вокнаў.

У Мінску невядомыя забіваюць дуб

Тамтэйшыя жыхары, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, увогуле не звярталі ўвагу на стан дуба. Большасць з іх са здзіўленнем даведалася, што нехта спрабуе яго забіць. Некаторыя згадвалі, што бачылі белае рэчыва побач з дрэвам яшчэ некалькі месяцаў таму, але прынялі яго за ўгнаенне і не надалі гэтаму ўвагі.

У Мінску невядомыя забіваюць дуб

Атруціць дрэва не цяжка. Як распавёў "Зялёны партал", жывы пласт у яго складае ўсяго адзін міліметр паміж драўнінай і карой. Гэта так званы пласт нарастання. Усё астатняе — мёртвая тканіна. Як і кара, якая нарастае зверху і служыць для абароны дрэва.

Супрацоўнікі міліцыі якія прыехалі на выклік, зафіксавалі соль пад дубам, прынялі заяву і склалі пратакол апытання. На працягу дзесяці дзён будзе праводзіцца праверка. За незаконнае выдаленне або знішчэнне дрэва можна атрымаць штраф да 50 базавых велічынь — гэта 1225 рублёў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі