У Мінску працягнецца разгляд “справы графіцістаў”
У Фрунзенскім раённым судзе Мінска сёння працягнецца разгляд гэтак званай “справы графіцістаў”, па якой праходзяць Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Судовае паседжанне пачнецца ў 14.30.
“Справа графіцістаў" узнікла незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. 11 жніўня спецназ жорстка затрымаў пяць хлопцаў: трох з іх арыштавалі, двух адпусцілі. Іх падазравалі ў нанясенні беларускамоўных графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе..."
Акрамя таго, маладых людзей падазравалі у псаванні фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. Графіцістаў абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асобаў. А неўзабаве ўтрыманне пад вартай ім замянілі падпіскай аб нявыездзе. Экспертыза надпісаў, як распавялі журналістам самі абвінавачаныя, не выявіла ў іх прыкметаў экстрэмізму.
На ранейшых судовых пасяджэннях былі дапытаныя фігуранты справы, якія не прызналі сваёй віны.
На судовым паседжанні, якое праходзіла 25 студзеня, адбыўся інцыдэнт са збіццём міліцыяй журналіста TUT.by Паўла Дабравольскага, а таксама двух грамадскіх актывістаў — Максіма Шыціка і Паўла Сяргея. Пазней іх асудзілі на штрафы за непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асобаў. Падставай для жорсткага затрымання стала акцыя, учыненая актывістамі ў судзе. Яны разгарнулі расцяжку “Не палітычным пераследам” і скандавалі: “Мастацтва — не злачынства”.