У Мінску прадставяць мову эльфаў і мову іншапланетнікаў з "Зорнага шляху"

29 сакавіка на філфаку БДУ (вул. Маркса, 31) пройдзе Мінскі фестываль моваў. Яго арганізатары, як піша сайт kaktutzhit.by, уключылі ў праграму надзвычай экзатычныя мовы. Так, у праграме ёсць клінгонская — штучная мова, спецыяльна прыдуманая для адной з іншапланетных рас у серыяле "Зорны шлях". Уключылі арганізатары і сіндарын — эльфійскую мову, распрацаваную Толкінам.

Агулам на фэсце будуць прадстаўленыя каля 50 моваў. Сярод цікавостак, якімі плануецца парадаваць сёлета гасцей, наступныя мовы: скотс — шатландскі варыянт англійскай мовы, афрыкаанс — адна з афіцыйных моваў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якая развілася з нідэрландскай, аглядная лекцыя па кельцкіх мовах, мова індзейцаў наваха і русеноркс — змяшаная руска-нарвежская мова, на якой размаўлялі паміж сабой маракі ў XVIII-XIX стагоддзях.

Дарэчы, летась на фэсце самымі папулярнымі былі прэзентацыі японскай, іспанскай, санскрыту, польскай, кітайскай, беларускай, французскай, італьянскай, старажытнаанглійскай і ісландскай моваў.

Уваход на фестываль моваў вольны.

Фота — modlabs.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі