У Мінску прайшла акцыя ў падтрымку тэлеканала "Белсат"
У Мінску 20 снежня прайшла акцыя ў падтрымку тэлеканала "Белсат". Яна была несанкцыянаваная. Да Адміністрацыі прэзідэнта прыйшлі 5 апазіцыянераў, сярод іх — Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Алег Корбан. Яны трымалі плакаты. На адным з іх было напісана "Мне патрэбны "Белсат", таму што я хачу ведаць праўду", "Выключыць НТВ, уключыць "Белсат". Таксама ўдзельнікі пікета скандавалі "Без "Белсата" будзе вата!".
Сабралося больш за дзясятак журналістаў і ўдвая больш супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным. На ўдзельнікаў акцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Дзесьці праз гадзіну пасля пачатку акцыі выйшаў супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, які прапанаваў Севярынцу зайсці ў будынак і выкласці патрабаванні. Агулам зайшлі туды чалавек 5. Павел Севярынец сказаў, што ў Адміністрацыі ён запатрабуе, каб "Белсат" фінансаваўся "за беларускія грошы беларускай дзяржавай".
Па словах Севярынца, з ім размаўляў намеснік начальніка аддзела па працы з грамадзянамі. Апазіцыянер запатрабаваў выключыць з сеткі вяшчання ў Беларусі расійскія тэлеканалы, а тэлеканал "Белсат" пусціць у кабельныя сеткі. Чыноўнік паабяцаў даслаць адказ на пісьмовы зварот праз 14 дзён. На гэтым вулічная акцыя каля Адміністрацыі прэзідэнта скончылася.
Як стала вядома, актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Раман Ганчароў, які збіраўся прыняць удзел у пікеце ў Мінску, быў затрыманы міліцыяй у Маладзечне.
Тэлеканал "Белсат" апынуўся перад пагрозай закрыцця. Улады Польшчы цяпер вырашаюць яго лёс.