У Мінску прайшоў урачысты парад у гонар Дня Незалежнасці (відэа)
Перад прысутнымі выступіў Аляксандр Лукашэнка. Сёлета ён апрануўся ў мундзір галоўнакамандуючага.
Нагадаем, летась Аляксандр Лукашэнка прыехаў на парад не ў форме галоўнакамандуючага, а ў цывільным.
Парад войскаў Мінскага гарнізона традыцыйна адбыўся каля мемарыяльнага комплекса "Мінск — горад-герой". У ім узялі ўдзел больш за 3 тысячы вайскоўцаў, 150 адзінак тэхнікі, авіяцыя. Акрамя беларускіх вайскоўцаў у парадзе ўдзельнічалі расійскія дэсантнікі.
Асаблівасцю сёлетняга параду стаў пашыраны ўдзел у ім рэтратэхнікі часоў Другой сусветнай вайны — найперш танкаў і бронемашын, адзначае БЕЛТА.
Увечары ў сераду каля стэлы "Мінск — горад-герой" адбудзецца гала-канцэрт "Квітней, мая Беларусь" (пачатак — а 21-й гадзіне). На 23-ю гадзіну запланаваная агульнарэспубліканская акцыя "Спяваем гімн разам" і святочны салют.
Фота — БЕЛТА