У Мінску ў Чырвоны касцёл выклікалі ратавальнікаў (фота)
Увечары 11 сакавіка ў Мінску ў Чырвоны касцёл на плошчу Незалежнасці выклікалі ратавальнікаў. Вернікі казалі пра задымленне і пра тое, што нешта здарылася з праводкай. Усе дзверы бакавога ўваходу (працаваў толькі ён) былі расчыненыя, каб касцёл праветрываўся. Унутры было цёмна і сапраўды крыху пахла паленым. На вуліцу людзі выйшлі самастойна, яшчэ да прыезду ратавальнікаў.
Афіцыйная прадстаўніца сталічнага МНС Вольга Мельчанка пазней распавяла Еўрарадыё, што паведамленне пра пах дыму ў храме ратавальнікі атрымалі ў 18:48.
"Было аплаўленне ізаляцыі электраправодкі ў зале без наступнага гарэння, — кажа Мельчанка. — Ніхто не пацярпеў. Эвакуацыю не праводзілі".
Чырвоны касцёл (касцёл святых Сымона і Алены) быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Помнік архітэктуры ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.