У Мінску рэзка падаражэлі паслугі эвакуатара і штрафстаянкі
У Мінску рэзка ўзраслі тарыфы на паслугі эвакуатара і штрафстаянкі — адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама №3560 апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Кошт прымусовай паркоўкі транспартнага сродку на ахаваную стаянку з поўнай пагрузкай на эвакуатар узрасла болей як на траціну — з 43 да 60 рублёў, адбуксоўка аўто з частковай пагрузкай на эвакуатар — з 35 да 50 рублёў.
Суткі на штрафстаянцы будуць каштаваць уладальніку адбуксаванай машыны 7 рублёў (раней было 6), калі аўто знаходзіцца там да трох сутак. Захоўванне аўто ад 4 да 9 сутак — 4 рублі ў суткі.
Рашэнне пачынае дзейнічаць з моманту яго афіцыйнага апублікавання.