У Мінску шукаюць па 4 настаўнікі ў школу, у рэгіёнах — ратуе размеркаванне

У Луговослабодскую школу, што ў Мінскім раёне, шукаюць адразу трох настаўнікаў: працы, англійскай мовы і пачатковых класаў. І… знаходзяць адразу пасля тэлефанавання Еўрарадыё.

Еўрарадыё: А ў вас вакансіі яшчэ актуальныя?

Школа: Так. А вы хто?

Еўрарадыё: Журналіст.

Школа: У прынцыпе, мы ўсіх набралі. Праблем у нас няма.

У 49 сталічнай школе за 2 тыдні да пачатку заняткаў набралі не ўсіх настаўнікаў.

“Нам трэба настаўнік пачатковых класаў, фізкультуры, англійскай мовы і дэфектолаг. У нас вялікая школа, шмат дзяцей, больш за стаўку будзеце мець”, — агучваюць вакансіі ў 49-й сталічнай школе за 2 тыдні да пачатку навучальнага года.

Заробак для настаўніка на сайце вакансій часцей не ўказваюць ці пішуць проста да 400 долараў.

У 179-ю сталічную школу настаўніка пачатковых класаў шукаюць на любых умовах:

“Шукаем настаўніка пачатковых класаў, разглядаюцца любыя прапановы, можна пенсійнага ўзросту”, — апісвае прапанову адміністрацыя школы. Тут гатовыя ўзяць нават двух настаўнікаў для малых дзетак.

“Па ўсёй краіне настаўнікаў пачатковых класаў не хапае. Закрылі педкаледжы, якія раней нас забяспечвалі, ну, і на педагагічныя спецыяльнасці цяпер мала ідуць, падае прэстыж прафесіі. Ну і дзяцей стала больш цяпер”, — апісваюць у 179 мінскай школе.

Упраўленне адукацыі спорта і турызма Першамайскага раёна Мінска шукае адразу 15 настаўнікаў пачатковых класаў, 5 настаўнікаў англійскай мовы, а ў дзіцячыя садкі трэба 68 выхавацеляў. Але “сітуацыя не крытычная”, лічаць чыноўнікі.

“Мы часткова закрылі вакансіі маладымі спецыялістамі. У панядзелак адновім іх. Зразумела, праблема з выхавацелямі дзіцячых садкоў, бо закрылі педагагічныя каледжы”, — тлумачаць ва ўпраўленні адукацыі спорта і турызма.

А вось у рэгіёнах праблемы з настаўнікамі амаль няма, бо “ратуе размеркаванне”.

“Да нас прыехала 50 маладых спецыялістаў і раён цяпер цалкам забяспечаны. Калі летась нам былі патрэбныя выхавацелі дзіцячых садкоў, то летась усё запоўнілі”, — расказваюць пра новыя кадры ў аддзеле адукацыі спорта і турызма магілёўскага раёна. Яшчэ паўгода таму адразу ў адну мінскую школу шукалі да 6 настаўнікаў. А па рэгіёнах па адной вакансіі.

Дарэчы, паводле міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, вострага дэфіцыту настаўнікаў у школах няма.

Фота: huffingtonpost.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі