У Мінску студэнты прыватнага ВНУ збіраюцца наладзіць забастоўку
Міністэрства адукацыі Беларусі не працягнула акрэдытацыю некалькіх спецыяльнасцяў прыватнаму ВНУ — Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту. У выніку, больш за паўтары тысячы чалавек могуць не атрымаць дыпломы. Студэнты збіраюцца 11 лістапада наладзіць забастоўку ў сценах універсітэта. Кіраўніцтва ВНУ не супраць, інфармуе TUT.by.
Папярэдні раз акрэдытацыю ўніверсітэт прайшоў пяць гадоў таму. Цяпер жа Дэпартамент кантроля якасці адукацыі акрэдытаваў 15 спецыяльнасцяў з 20-ці. Аднак якраз на тых пяці спецыяльнасцях, што не атрымалі акрэдытацыю ("Правазнаўства", "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій", "Транспартная лагістыка", "Псіхалогія", "Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве"), навучаецца большасць студэнтаў — 1600 з 1670 чалавек.
Рэктар Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта Мікалай Суша кажа, што падчас праверкі ВНУ камісіяй не было выяўлена грубых парушэнняў, а заўвагі рэальна выправіць. Універсітэт мае тры дні, каб падаць апеляцыю і абскардзіць рашэнне.
Суша звяртае ўвагу на тое, што ВНУ ўжо 28 гадоў, за гэты час было пройдзена "мноства акрэдытацый і атэстацый". Інавацыйны ўніверсітэт — адзіны ў нашай краіне, які дае магчымасць дыстанцыйна навучацца зняволеным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.